Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова
 

Раздзелы сайта

Галоўная

Архив новостей

15.01.24

Адбылася экскурсія у дзяржаўны дом-музей Якуба Коласа, нацыянальны культурны цэнтр.

Непадалёк ад ажыўленага праспекта Незалежнасці, за манументальным гмахам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі стаіць утульны дом, у якім  на працягу апошніх гадоў свайго жыцця жыў і працаваў Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), грамадскі дзеяч, вучоны, Народны паэт Беларусі, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Зараз тут знаходзіцца Дзяржаўны дом-музей  Я. Коласа,  у які 9 студзеня 2024 г. завіталі разам з бібліятэкарам Таццянай Яўгеньеўнай Юбіцкай навучэнцы Белава Дзмітрый (група №1), Блажыцкі Аляксандр (група №9), Пятроў Максім (група №15-Т), Раманчук Уладзіслаў (група №6), Супровіч Аляксандра (група №7), Шчурскі Канстанцін (група №15-Т), Янушэвіч Паліна (група №7).

Экскурсія па дзесяці экспазіцыйных залах дома-музея, у двух з якіх (рабочы кабінет і спальня) захаваны прыжыццёвы інтэр’ер пакояў дома Якуба Коласа, атрымалася цікавай і змястоўнай. Уз’яднаць вобразы высокай паэзіі з прадметамі матэрыяльнай культуры дапамагаюць сімвалічныя фотакалажы. Яны стылістычна працуюць на расшыфроўку вобразу шляхоў-дарог. Больш за 300 фотаздымкаў і каля 500 дакументаў, уключаючы рукапісы і кнігі паэта, удалося размясціць у чатырох залах музея дзякуючы дызайнерскай знаходцы – мабільнаму пласкасному модулю, стылізаванаму пад адрыўны каляндар. Сувязным звяном паміж  дакументальнай  (І паверх)  і мемарыяльнай (ІІ паверх) часткамі экспазіцыі стала лесвіца ў доме (яна вядзе ў прыватныя пакоі пісьменніка).

Дом-музей абступае мемарыяльны сад. Адметнае месца займала кампазіцыя з чатырох дубоў і бярозы – дрэў, якія сімвалізавалі сям’ю знакамітага пісьменніка: жонку Марыю Дзмітрыеўну, сыноў Данілу, Юрку, Міхася і яго самога.

Навучэнцы паглядзелі відэафільм пра трохмерную мадэль дома па Вайсковаму завулку, 3 ў горадзе Мінску, у якім жыў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч з 1927 па 1941 гады. Асаблівую зацікаўленасць у навучэнцаў выклікала віктарына пра асноўныя падзеі з жыцця і творчасці Якуба Коласа. Музей ўразіў сваёй утульнасцю, цеплынёй, гасціннасцю.

Дзяржаўны дом-музей Якуба Коласа – гэта нацыянальны культурны цэнтр, у якім беражліва захоўваецца гісторыя жыцця і творчасці народнага Песняра.